Інструменты даступнасці

Перайсці да змесціва

Конкурс канцэпцый рэформаў

22 снежня, 2025

Як могуць выглядаць змены ў сістэме публічнага кіравання Беларусі? Якія рашэнні патрэбныя краіне ў першыя гады трансфармацыі — і як іх можна падрыхтаваць ужо цяпер?

Менавіта на гэтыя пытанні прапануе адказаць Конкурс канцэпцый рэформаў — практычная ініцыятыва, накіраваная на распрацоўку абгрунтаваных і рэалістычных прапаноў у сферах дзяржаўнага кіравання, мясцовага самакіравання і публічных паслуг.

Конкурс стварае прастору для тых, хто гатовы не толькі абмяркоўваць будучыню Беларусі, але і працаваць з ёй у фармаце канкрэтных рашэнняў — у камандзе, з аналітыкай, міжнароднымі прыкладамі і разуменнем кантэксту.

Мэта конкурсу — падтрымаць удзельнікаў у распрацоўцы канцэпцый рэформаў, якія могуць стаць асновай для далейшага абмеркавання, удакладнення і практычнай рэалізацыі. Асаблівая ўвага надаецца:

  • аналізу актуальных праблем і выклікаў;

  • выкарыстанню міжнароднага досведу;

  • рэалістычнасці прапанаваных рашэнняў;

  • здольнасці канцэпцый працаваць у беларускім кантэксце.

Удзел у конкурсе могуць узяць усе ўдзельнікі Кадравага Рэзэрву. Праца над канцэпцыямі вядзецца ў камандах не менш як з трох чалавек, што дазваляе аб’яднаць розныя кампетэнцыі і погляды.

Этапы правядзення

Конкурс праходзіць у перыяд з снежня 2025 па чэрвень 2026 года і ўключае наступныя этапы:

  • фармаванне і рэгістрацыя каманд — да 22 студзеня 2026 года;

  • распрацоўка канцэпцый — з 23 студзеня па 31 сакавіка 2026 года;

  • папярэдняя ацэнка і публікацыя прац — 1–15 красавіка 2026 года;

  • публічнае абмеркаванне — 16 красавіка – 31 мая 2026 года;

  • фінальная ацэнка і падвядзенне вынікаў — 1–15 чэрвеня 2026 года.

Пераможцы Конкурсу атрымаюць фінансавы ганарар у памеры 450 еўра (брута) за распрацоўку канцэпцыі рэформы. Акрамя матэрыяльнай падтрымкі, удзельнікі змогуць прэзентаваць свае ідэі і вынікі працы ў межах мерапрыемстваў Кадравага Рэзэрва, далучыўшыся да прафесійнай дыскусіі з экспертамі і калегамі.

Распрацаваныя канцэпцыі будуць таксама прадстаўлены партнёрскім арганізацыям і могуць стаць асновай для далейшай супольнай працы, развіцця праектаў і практычнай рэалізацыі прапанаваных рэформаў.

Для ўдзелу ў Конкурсе каманды павінны прайсці анлайн-рэгістрацыю праз форму на сайце Кадравага Рэзэрву да 22 студзеня 2026 года (даступна толькі зарэгістраванным удзельнікам).

З падрабязнымі ўмовамі, этапамі і патрабаваннямі да ўдзелу можна азнаёміцца ў Палажэнні аб правядзенні конкурсу канцэпцый рэформаў

Не з’яўляецеся ўдзельнікам Кадравага Рэзэрву?

Калі вы зацікаўлены ў тэме рэформаў, развіцці публічнага кіравання і хочаце далучыцца да супольнасці людзей, якія працуюць з будучыняй Беларусі, вы ўсё яшчэ маеце магчымасць стаць часткай Кадравага Рэзэрву.

Каб далучыцца, запоўніце анкету ўдзельніка на сайце