Інструменты даступнасці

Перайсці да змесціва
30 лістапада, 2025

Каардынацыйная рада прапануе новы падыход да рэгулявання палітычных партый у Беларусі

30 лістапада, 2025

На агульным пасяджэнні Каардынацыйнай Рады адбыліся адкрытыя слуханні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях».

Дакумент прапануе прынцыпова новую мадэль партыйнай сістэмы, якая павінна прыйсці на змену існуючаму рэпрэсіўнаму заканадаўству.

Ініцыятарам распрацоўкі выступіла Камісія па рэформах і падрыхтоўцы да пераходнага перыяду пад кіраўніцтвам Юрыя Губарэвіча.

Навошта патрэбныя змены

Як адзначыў Юрый Губарэвіч, прапанаваны праект закону кардынальна адрозніваецца ад дзеючай сістэмы:

«Сённяшні закон, які рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае для кантролю, мае хутчэй абмежавальна-рэпрэсійны характар. Калі б нават існавала палітычная воля дазволіць дзейнасць незалежных ці дэмакратычных партый, іх магчымасці заставаліся б моцна абмежаванымі. Таму змены наспелі, і яны адлюстраваныя ў новай канцэпцыі законапраекта».

Прапанаваны законапраект прадугледжвае празрыстую рэгістрацыю партый, абавязковыя ўнутраныя выбары кіраўніцтва, фінансавую адкрытасць і выразныя гарантыі ад умяшання дзяржавы ў іх дзейнасць. Асобная ўвага ўдаецца стварэнню роўных умоў для ўдзелу партый у выбарах і абароне іх ад палітычнага ціску.

Каардынацыйная рада плануе працяг адкрытых слуханняў па іншых рэформатарскіх ініцыятывах, якія могуць стаць асновай для новага дэмакратычнага заканадаўства Беларусі.

Наступныя абмеркаванні запланаваныя:

  • 2 снежня — праект закона «Аб мясцовым самакіраванні»;

  • 8 снежня — праект закона «Аб амбудсмене».

Гэтыя дыскусіі маюць на мэце сфарміраваць бачанне новай, адкрытай і дэмакратычнай сістэмы кіравання Беларусі, якая будзе заснаваная на прынцыпах празрыстасці, падсправаздачнасці і павагі да грамадзянскіх правоў.

Слухаць на сайце Радыё Рацыя: https://racyja.com/by/palityka/kr-prapanue-novy-padychod-da-rehuljavannja-palitycnych-partyj-u-belarusi/