Інструменты даступнасці

Перайсці да змесціва
11 лістапада, 2026
# Topics

Цыкл анлайн-воркшопаў ад Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы

11 лістапада, 2026

Кампанія «Кадравы Рэзерв» пры падтрымцы Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы праводзіць новы цыкл анлайн-воркшопаў, прысвечаных сучаснаму дэмакратычнаму мясцоваму самакіраванню ў Еўропе.

Рэалізацыя гэтай адукацыйнай ініцыятывы стала адным з практычных вынікаў працы Каардынацыйнай рады па развіцці супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі. Праграма накіравана на пашырэнне ведаў і практычных кампетэнцый беларускіх спецыялістаў, неабходных для падрыхтоўкі і рэалізацыі будучых рэформаў сістэмы дзяржаўнага і мясцовага кіравання.

Мясцовае самакіраванне — адзін з фундаментальных элементаў дэмакратычнай дзяржавы. Менавіта на мясцовым узроўні прымаецца значная частка рашэнняў, якія непасрэдна ўплываюць на штодзённае жыццё грамадзян: ад развіцця інфраструктуры і жыллёва-камунальнай гаспадаркі да адукацыі, сацыяльных паслуг і мясцовага эканамічнага развіцця.

У Беларусі сістэма мясцовага кіравання на працягу дзесяцігоддзяў заставалася жорстка цэнтралізаванай. Мясцовыя органы ўлады маюць абмежаваную самастойнасць, а магчымасці грамадзян уплываць на прыняцце рашэнняў істотна абмежаваныя.

Пераход да дэмакратычнай сістэмы запатрабуе не толькі змены заканадаўства, але і падрыхтоўкі спецыялістаў, здольных рэалізоўваць інстытуцыйныя рэформы на практыцы.

Праграма будзе складацца з асобных тэматычных серый, кожная з якіх уключае тры паслядоўныя анлайн-семінары, прысвечаныя адной тэме. Усяго вызначана пяць асноўных напрамкаў, якія плануецца разглядаць паэтапна.

Важнай асаблівасцю праграмы стане сумесная праца міжнародных і беларускіх экспертаў. Еўрапейскі досвед будзе разглядацца ў кантэксце беларускіх рэалій, а атрыманыя веды — выкарыстоўвацца для абмеркавання канкрэтных прапаноў па рэфармаванні мясцовага кіравання і далейшай дапрацоўкі беларускай Канцэпцыі мясцовага самакіравання.

Першая серыя семінараў: лістапад — снежань 2026 года

Першая серыя з трох анлайн-семінараў пройдзе ў лістападзе і снежні 2026 года і будзе прысвечана еўрапейскім мадэлям мясцовага самакіравання.

У цэнтры ўвагі — параўнальны аналіз сістэм мясцовага кіравання, размеркаванне паўнамоцтваў паміж рознымі ўзроўнямі ўлады, дэцэнтралізацыя і мясцовая аўтаномія.

Удзельнікі змогуць:

  • параўнаць мадэлі мясцовага самакіравання ў розных еўрапейскіх краінах;

  • зразумець прынцыпы размеркавання паўнамоцтваў, адказнасці і фінансавых рэсурсаў;

  • пазнаёміцца з досведам рэформаў у Польшчы, Украіне і краінах Балтыі;

  • вызначыць, якія рашэнні могуць быць карыснымі для Беларусі і якія ўмовы неабходныя для іх рэалізацыі.

Асаблівая ўвага будзе нададзена краінам, якія прайшлі праз постсацыялістычную трансфармацыю. Іх досвед дазваляе прааналізаваць не толькі вынікі пераўтварэнняў, але і выклікі, з якімі сутыкаліся рэфарматары.

Эксперты першай серыі

Да ўдзелу ў першай серыі прапанаваныя вядомыя еўрапейскія даследчыкі і практыкі ў сферы мясцовага самакіравання:

  • Anders Lidström (Швецыя) — ганаровы прафесар паліталогіі Універсітэта Умеа, даследчык мясцовай і рэгіянальнай дэмакратыі, муніцыпальнага кіравання і еўрапейскіх мадэляў самакіравання.

  • Paweł Swianiewicz (Польшча) — прафесар, эксперт у галіне дэцэнтралізацыі, мясцовых фінансаў і тэрытарыяльных рэформаў, даследчык сістэм мясцовага самакіравання ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

  • Anatolii Tkachuk (Украіна) — эксперт у галіне мясцовага самакіравання і рэгіянальнага развіцця, адзін з распрацоўшчыкаў рэформы дэцэнтралізацыі ва Украіне.

  • Georg Sootla (Эстонія) — прафесар публічнай палітыкі Талінскага ўніверсітэта, даследчык адміністрацыйных рэформаў і мясцовага самакіравання.

  • Vitalis Nakrošis (Літва) — прафесар Віленскага ўніверсітэта, эксперт у галіне дзяржаўнага кіравання і рэфармавання публічнага сектара.

  • Nino Zurabishvili (Грузія) — эксперт Нацыянальнай асацыяцыі мясцовых уладаў Грузіі, спецыялістка па пытаннях мясцовага самакіравання.

Праграма воркшопаў: асноўныя тэматычныя напрамкі

Першая серыя стане пачаткам больш шырокай адукацыйнай праграмы, якая ахоплівае пяць узаемазвязаных напрамкаў.

1. Еўрапейскія мадэлі мясцовага самакіравання

Як арганізавана мясцовае самакіраванне ў розных краінах Еўропы? Разгледзім мадэлі дэцэнтралізацыі, размеркаванне паўнамоцтваў і мясцовую аўтаномію на прыкладах Польшчы, Украіны, краін Балтыі і Грузіі. Асаблівая ўвага — магчымасцям выкарыстання гэтага досведу ў Беларусі.

2. Удзел грамадзян у прыняцці рашэнняў і электронная дэмакратыя

Як забяспечыць рэальны ўплыў грамадзян на рашэнні ўлады? Пазнаёмімся з інструментамі электроннай дэмакратыі, грамадскімі кансультацыямі, петыцыямі, партысіпатыўнымі бюджэтамі і сучаснымі платформамі ўдзелу. Абмяркуем магчымасці бяспечнага грамадзянскага ўдзелу ва ўмовах рэпрэсій і эміграцыі.

3. Планаванне і кіраванне рэформамі

Як ператварыць ідэі рэформаў у канкрэтныя змены? Разгледзім планаванне і паслядоўнасць пераўтварэнняў, каардынацыю паміж рознымі ўзроўнямі ўлады, пераадоленне інстытуцыйнага супраціву і фарміраванне грамадскай падтрымкі. Асобная ўвага — эфектыўнай камунікацыі рэформаў.

4. Фінансавая дэцэнтралізацыя

Як забяспечыць фінансавую самастойнасць мясцовых уладаў? Разбяром прынцыпы фарміравання мясцовых бюджэтаў, падаткаў і збораў, размеркавання дзяржаўных трансфертаў і фінансавага выраўноўвання рэгіёнаў. Разгледзім таксама магчымасці фінансавання мясцовай інфраструктуры і забеспячэння фінансавай устойлівасці.

5. Супрацоўніцтва з мясцовымі супольнасцямі, празрыстасць і грамадскі кантроль

Як выбудаваць давер паміж мясцовай уладай і жыхарамі? Разгледзім механізмы супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі і валанцёрскімі ініцыятывамі, удзел жыхароў у вырашэнні мясцовых пытанняў, празрыстасць бюджэтаў і інструменты грамадскага кантролю за дзейнасцю ўладаў.

Графік воркшопаў і сертыфікаты

Семінары будуць праходзіць у анлайн-фармаце, што дазволіць далучыцца ўдзельнікам з розных краін.

Актуальныя даты, час правядзення і тэмы сустрэч будуць размяшчацца ў календары мерапрыемстваў Кадравага Рэзерву: https://pr-belarus.org/be/kaliandar 

Удзельнікі, якія наведаюць усе тры семінары адной тэматычнай серыі, змогуць атрымаць электронны сертыфікат аб праходжанні навучання.

Як далучыцца?

Да ўдзелу запрашаюцца ўдзельнікі Кадравага Рэзерву, а таксама спецыялісты і ўсе зацікаўленыя ў вывучэнні сучасных мадэляў мясцовага самакіравання і падрыхтоўцы дэмакратычных рэформаў у Беларусі.

Каб далучыцца да цыклу воркшопаў, неабходна запоўніць кароткую рэгістрацыйную форму: https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSelEzL9npqifhiqXRJNGZQyQWdNPKMzIXzJGs-DD3YDDz1aow/viewform 

Інфармацыя пра ўдзел і спасылкі на анлайн-сустрэчы будуць дасланы зарэгістраваным удзельнікам.

Калі ў вас узніклі пытанні, напішыце нам на Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў вас павінен быць уключаны JavaScript у браўзэры..