Accessibility Tools

Skip to main content

Вынікі абмеркавання канцэпцыі рэформы пераходу ад прэзідэнцкай да парламенцкай формы праўлення

08 студзеня, 2025

За час абмеркавання да яго далучыліся 19 удзельнікаў кампаніі «Кадравы Рэзерв», якія пакінулі ў агульнай колькасці 149 каментароў.

Узнімаліся пытанні:

🔺 недапушчэнне канцэнтрацыі ўлады ў руках адной партыі 
🔺 забеспячэнне рэальнага прадстаўніцтва розных груп насельніцтва

Для вырашэння прапаноўвалася змяніць сістэму так, каб партыі заставаліся часткай грамадзянскай супольнасці, але мелі абмежаваны ўплыў у парламенце. Альтэрнатывай можа стаць выбарчая сістэма з адкрытымі спісамі і шматмандатнымі акругамі, каб узмацніць сувязь дэпутатаў з выбаршчыкамі і знізіць уплыў партыйных лідараў.

🔺 фармаванне ўрада
🔺 колькасць дэпутатаў

Таксама было прапанавана павялічыць колькасць дэпутатаў з цяперашніх 110 да 180–220 чалавек, каб забяспечыць прадстаўніцтва розных рэгіёнаў і сацыяльных груп, бо ва ўмовах паўнавартаснага парламентарызму нагрузка на дэпутатаў значна ўзрасце. Гэта дазволіць шырэй ахопліваць інтарэсы насельніцтва і знізіць рызыку дамінавання адной палітычнай сілы.

🔺 пасада прэзідэнта

Разглядалася адмена пасады прэзідэнта і перадача прэзідэнцкіх паўнамоцтваў прэм'ер-міністру і ўраду, але адзначалася, што гэта можа прывесці да празмернай улады ў руках прэм'ер-міністра і рызыкі паўтарэння аўтарытарных сцэнарыяў ужо ў межах парламенцкай сістэмы, як, напрыклад, у Венгрыі.

🔺 устойлівасць парламенцкай сістэмы

Было вызначана, што парламенцкая сістэма можа быць устойлівай і эфектыўнай, калі ў ёй будзе выкананы баланс паміж правамі большасці і абаронай інтарэсаў меншасцяў. 

Дыскусія часта выходзіла за рамкі канстытуцыйнай рэформы, нярэдка ўзнімаліся тэмы, звязаныя з іншымі кірункамі рэформаў — ад сістэмы выбараў і адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання да рэформы адукацыі і судовай сістэмы. Гэта падкрэслівае, што пераход да парламенцкай рэспублікі разглядаецца як частка шырэйшага працэсу трансфармацыі ўсёй сістэмы кіравання і грамадскага жыцця ў Беларусі.

Дзякуем кожнаму, хто падзяліўся сваімі думкамі ў каментарах. Вашая дзейнасць зноў паказвае, наколькі важная актыўная пазіцыя кожнага. Гэта натхняе на далейшую працу і ўдасканаленне прапаноў. Разам мы здольныя на сапраўды важныя змены.