Accessibility Tools

Skip to main content

Адукацыйны візіт ва Фландрыю

28 May, 2025

Удзельнікі кампаніі «Кадравы Рэзерв» здзейснілі адукацыйны візіт ва Фландрыю (Бельгія), дзе правялі шэраг сустрэч з палітыкамі, экспертамі, прадстаўнікамі мясцовых уладаў і грамадзянскай супольнасці. Мэта паездкі — паглыбіць разуменне еўрапейскіх падыходаў да публічнага кіравання і мясцовага самакіравання, а таксама наладзіць партнёрскія кантакты для далейшага супрацоўніцтва.

У Бруселі дэлегацыя сустрэлася з дырэктарам Брусэльскага офіса Рады Еўропы. На сустрэчы абмяркоўваліся праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы як унутры краіны, так і ў выгнанні. Прадстаўнікі «Кадравага Рэзерву» паднялі пытанні легалізацыі беларусаў у краінах ЕС і прэзентавалі ініцыятыву стварэння інстытута амбудсмена па правах беларусаў у Еўропе — прапанова атрымала станоўчы водгук і выклікала зацікаўленасць.

У парламенце Фландрыі дэлегацыя правяла сустрэчы з дэпутатамі, сенатарамі і прадстаўнікамі рэгіянальнага ўраду. Гэтыя размовы далі магчымасць глыбей зразумець, як арганізавана публічнае кіраванне ў рэгіёне. Таксама былі разгледжаныя магчымасці супрацы ў розных сферах і падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці.

У горадзе Мехелен удзельнікі пазнаёміліся з дзейнасцю мясцовай адміністрацыі, механізмамі размеркавання кампетэнцый і фінансаў паміж лакальнымі і цэнтральнымі органамі, а таксама з інструментамі грамадзянскага ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў.

Асобную ўвагу было нададзена сустрэчам з экспертнымі і праваабарончымі арганізацыямі: Фламандскім інстытутам міру, Інстытутам Ганны Арэндт, прафсаюзамі і аналітычнымі цэнтрамі. Абмяркоўваліся пытанні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, выклікі рэгіянальнай бяспекі і роля НДА ў падтрыманні дэмакратычных працэсаў. Удзельнікі Кадравага Рэзерву заклікалі да больш актыўнага ўключэння беларускай тэматыкі ў даследчыя і грамадскія праграмы.

Такія адукацыйныя візіты з’яўляюцца часткай доўгатэрміновай стратэгіі Кадравага Рэзерву па падрыхтоўцы новага пакалення адказных спецыялістаў і грамадскіх лідараў.

Беларусі патрэбныя прафесіяналы —і Кадравы Рэзерв працуе, каб гэтыя людзі былі гатовыя ўжо сёння.