Інструменты даступнасці

Перайсці да змесціва
14 ліпеня, 2026

Сесія ў рамках Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы

14 ліпеня, 2026

У рамках Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы ў Страсбурзе адбылася сесія «Дэмакратычная Беларусь: інстытуты, прадстаўніцтва і падрыхтоўка да пераменаў», якая сабрала каля 30 удзельнікаў: былых палітвязняў, грамадскіх актывістаў, прадстаўнікоў дэмакратычных палітычных структур і экспертаў. З гонарам адзначаем, што прыкладна палова ўдзельнікаў з'яўляюцца ўдзельнікамі кампаніі «Кадравы Рэзерв».

Першы блок сесіі прадставіла Аляксандра Мамаева. Яна распавяла пра сістэму міжнароднага прадстаўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі, супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі і заклікала ўдзельнікаў актыўна выкарыстоўваць гэтыя магчымасці для прасоўвання беларускага парадку дня і міжнароднай адвакацыі.

Другі блок быў прысвечаны падрыхтоўцы да пераходнага перыяду і будучыні дэмакратычнай Беларусі. Каардынатар кампаніі «Кадравы Рэзерв» і член Каардынацыйнай Рады Юрый Губарэвіч прадставіў бачанне таго, чаму рыхтавацца да пераменаў неабходна ўжо сёння.

«Мясцовае самакіраванне — гэта не толькі адзін з узроўняў улады. Менавіта на мясцовым узроўні людзі ўпершыню адчуваюць, што могуць уплываць на рашэнні, якія датычацца іх штодзённага жыцця. Таму рэформа мясцовага самакіравання павінна стаць адным з ключавых элементаў будучай дэмакратычнай Беларусі».



Юрый Губарэвіч таксама падкрэсліў, што поспех будучых пераменаў залежыць не толькі ад новых законаў, але і ад людзей, якія будуць іх увасабляць:

«Падрыхтоўка да дэмакратычных пераменаў — гэта не толькі распрацоўка новых законаў. Гэта таксама падрыхтоўка людзей, якія будуць працаваць у новых інстытутах, прымаць адказныя рашэнні і рэалізоўваць рэформы на нацыянальным і мясцовым узроўнях. Менавіта з гэтай мэтай мы развіваем ініцыятыву "Кадравы Рэзерв".»



Такія сустрэчы дапамагаюць ужо сёння аб'ядноўваць экспертаў, прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і будучых кіраўнікоў вакол падрыхтоўкі да дэмакратычных пераменаў, каб Беларусь мела не толькі бачанне рэформаў, але і людзей, гатовых іх ажыццявіць.