Accessibility Tools

Skip to main content

Кадравы Рэзерв: крок да адказнай Беларусі

01 May, 2025

Беларусь сёння жыве ў эпоху чакання пераменаў. Аднак сапраўдныя змены патрабуюць не толькі палітычных лозунгаў, але і гатоўнасці дзейнічаць. Кампанія "Кадравы Рэзерв" — гэта адказ на гэты запыт. Запушчаная ў 2022 годзе, яна аб'ядноўвае ўжо больш за 700 удзельнікаў — людзей з розных сфер, якія гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за пабудову новай, дэмакратычнай краіны.

Паводле аналітыкі, сабранай у 2024 годзе, удзельнікі праграмы маюць розны прафесійны досвед: ад дзяржаўнай службы і IT-сферы да адукацыі і прадпрымальніцтва. Цікава, што прыкладна палова рэспандэнтаў у розны час працавала ў дзяржаўных структурах — на прадпрыемствах, у органах улады або ў якасці дзяржаўных службоўцаў. Аднак гэты досвед быў, як правіла, нядоўгатэрміновым: менш за пяць гадоў. Прычына сыходу — няўдалая спроба ўплываць на працэсы знутры, расчараванне ў сістэме і адсутнасць магчымасці для прафесійнага росту. Многія з тых, хто працаваў у дзяржсектары, пазней перайшлі ў прыватны бізнес або пачалі ўласныя праекты. 

Многія з іх пакінулі Беларусь пасля падзей 2020 года, але працягваюць дзейнічаць у выгнанні — з верай у вяртанне і аднаўленне краіны. Для іншых Кадравы Рэзерв — гэта магчымасць застацца ў Беларусі і дзейнічаць лакальна, у межах сваёй супольнасці.

Матывацыя ўдзелу ва ўмовах няпэўнасці
Удзельнікі кампаніі адзначаюць, што далучыліся да Кадравага Рэзерву з розных прычын: жаданне прынесці карысць краіне, атрымаць новыя веды, падзяліцца экспертнасцю, знайсці супольнасць блізкіх па духу людзей. Для многіх Кадравы Рэзерв — гэта спосаб заставацца часткай беларускага грамадства, нават у эміграцыі. Важнай кропкай для матывацыі з'яўляецца таксама вера ў тое, што калі перамены настануць — трэба быць гатовымі дзейнічаць ужо заўтра.

Змест адукацыйнай дзейнасці
Удзельнікі высока ацэньваюць адукацыйную кампаненту «Кадравага Рэзерву». Многія адзначаюць, што лекцыі і адукацыйныя праграмы дапамаглі ім лепш зразумець, як працуе сістэма кіравання, якімі павінны быць інстытуты ў дэмакратычнай краіне. Стажыроўкі і візіты ў еўрапейскія гарады (Польшча, Літва, Германія, Бельгія) успрымаюцца як каштоўны досвед, які адкрывае вочы на рэальнае функцыянаванне мясцовага самакіравання і супрацоўніцтва ўлады з грамадзянамі.

Выклікі і чаканні
Разам з тым удзельнікі праграмы не саромеюцца агучваць крытыку. Сярод праблем яны адзначаюць недастатковую інтэрактыўнасць навучальных курсаў, браку практыкі, адсутнасць індывідуальнага падыходу. Частка ўдзельнікаў выказвае незадаволенасць тым, што няма відавочных вынікаў ці зразумелай стратэгіі далейшай дзейнасці. Аднак пры гэтым большасць гатовая далей удзельнічаць, бо бачыць сэнс у працы на доўгатэрміновую перспектыву.

Вобраз ідэальнага чыноўніка і будучай сістэмы
Праз апытанні і інтэрв’ю сфармаваны вобраз ідэальнага публічнага службоўца: камунікабельнага, прафесійнага, адказнага, гатовага вучыцца і дзейнічаць на карысць грамадства. Пры гэтым удзельнікі разумеюць, што існуючая сістэма патрабуе не проста кадравых зменаў, а мадэрнізацыі ўсёй мадэлі дзяржаўнага кіравання — праз празрыстасць, конкурснасць, палітычную нейтральнасць службы і павышэнне кампетэнцый.

Аналітыка таксама паказвае, што матывацыя ўдзельнікаў не згасае з часам, наадварот — у многіх яна толькі мацнее. Людзі працягваюць вучыцца, прымаць удзел у ініцыятывах, дзяліцца досведам і падтрымліваць адзін аднаго. Гэта сведчыць пра тое, што «Кадравы Рэзерв» ужо сёння фармуе супольнасць адказных людзей, гатовых працаваць дзеля агульнай будучыні.