Accessibility Tools

Skip to main content
28 лютага, 2024

Разбор затрыманняў у Беларусі

28 лютага, 2024

Прапагандысты рэжыму 14 лютага 2024 г. заявілі, нібыта спецслужбы Лукашэнкі год слухалі лекцыі для ўдзельнікаў кампаніі "Кадравы Рэзерв для Новай Беларусі", а таксама ўзламалі спіс навучэнцаў. Нават паказалі фота некаторых затрыманых беларусаў.

У гэтым артыкуле прадстаўлена інфармацыя непасрэдна ад людзей, якія ў курсе падрабязнасцей аперацыі, як менавіта карнікі выйшлі на некаторых удзельнікаў Кадравага Рэзерву. Прааналізуем памылкі, якія прывялі да іх дэанону.

Склалі спісы па IP

Для працы з лекцыямі і фінальным тэстам удзельнікі заходзілі на афіцыйны сайт Кадравага Рэзерву. Доўгі час сайт быў заблакаваны на тэрыторыі РБ, таму атрымаць да яго доступ можна было толькі праз VPN. Аднак існуюць нюансы:

  • Калі ўдзельнік хаця б адзін раз спрабаваў загрузіць сайт без VPN, інфармацыя пра гэта паступала да правайдара. Нават калі фактычна чалавек не мог зайсці на сам сайт з-за блакіроўкі. Многія гэтага не ўлічваюць і лічаць, што знаходзяцца ў бяспецы, бо сайт заблакаваны і зайсці не ўдалося.
  • Па словах прадстаўніка Пераходнага кабінета Юрыя Губарэвіча, некаторы час таму сайт Кадравага Рэзерву раптоўна стаў даступны ў РБ. Пакуль самі ўладальнікі рэсурсу не абмежавалі да яго доступ з Беларусі, любы ахвотны мог зайсці на сайт без VPN.

Усё гэта фіксавалі карнікі. У выніку ў іх апынуўся спіс беларускіх IP-адрасоў наведвальнікаў сайта Кадравага Рэзерву. Паколькі пад адным IP у сетцы можа знаходзіцца не адзін, а некалькі або нават значна больш карыстальнікаў, спіс склаўся прыблізны.  

У такіх выпадках карнікам вядома, што нехта ў пэўным доме, офісе і г.д. заходзіў на сайт Кадравага Рэзерву, але не вядома, хто менавіта. Таму далей яны прыходзяць па вызначаных адрасах з ператрусам/аглядам і забіраюць на допыт. То бок шмат што залежыць ад таго, што менавіта знойдуць у вашай тэхніцы і што вы скажаце на допыце.

Што яшчэ спрыяе дэананімізацыі

Ускосна ўдзел у лекцыях «Кадравага рэзерву» таксама можна было вызначыць па наступных фактарах:

  1. Падключэнне да Zoom без VPN. Онлайн-лекцыі праходзілі ў Zoom. Запісацца на іх і далучыцца мог любы ахвотны. Карнікі маглі адсочваць па трафіку меркаваных удзельнікаў, хто падключаўся да Zoom з Беларусі прыкладна ў гэты час, бо дакладны расклад заняткаў ім быў вядомы.

  2. Падключэнне да VPN у час пачатку заняткаў. Калі на працягу доўгага часу вы падключаліся да вядомых VPN-сэрвісаў акурат да пачатку заняткаў, гэта таксама выклікае падазрэнне, якое можна ўбачыць у даных ад правайдэра.

Мы не сцвярджаем, што спецслужбы сапраўды праводзілі такую працу, але тэарэтычна гэта магчыма і можа дапамагчы ў дэананімізацыі людзей.

Сама па сабе гэтая інфармацыя таксама нічога не даказвае, але становіцца падставай звярнуць увагу на ваш IP-адрас. А затым прыйсці з ператрусам/аглядам да людзей, якія выходзяць у сетку пад дадзеным IP-адрасам, і паспрабаваць іх запалохаць або выбіць прызнанне.

Асноўная памылка

Удзельнікі Кадравага Рэзерву не карысталіся VPN або рабілі гэта не заўсёды падчас курса.

Аднак кожнаму, хто знаходзіцца ў Беларусі, важна выхаваць звычку спачатку ўключаць VPN, а потым адкрываць любыя сайты, сацсеткі, мэсэнджары, дзе вы маеце зносіны і даведваецеся навіны на палітычныя тэмы.

VPN, Proxy і іншыя сродкі ананімізацыі павінны стаць для вас звычайнай штодзённай практыкай, калі вы хочаце і далей заставацца ў курсе праўдзівых навін, удзельнічаць у жыцці і гісторыі сваёй краіны, застаючыся пры гэтым на волі.

Іншыя важныя нюансы

  1. Пры ўдзеле ў канферэнцыях або відэасустрэчах на палітычную тэматыку заўсёды выкарыстоўвайце VPN. Нават калі трансляцыя можа запавольвацца.

  2. Для бяспечнага ўдзелу ў анлайн-канферэнцыях уключайце VPN загадзя — хаця б за 20-30 хвілін да пачатку званка, каб схаваць «падазроныя паводзіны» вашага трафіку.

  3. Не пакідайце слядоў удзелу ў палітычных ініцыятывах на вашым ПК або тэлефоне, якія могуць быць выяўленыя пры аглядзе тэхнікі:

    • Каб заходзіць на сайты, выкарыстоўвайце рэжым «Інкогніта».
    • У рэгістрацыйных формах указвайце адмысловую пошту, створаную для такіх мэтаў.
    • Не пакідайце гэтую пошту аўтарызаванай у вашым браўзеры.
    • Схаваныя перапіскі ў Telegram абараняйце з дапамогай Партызанскага Telegram.
  4. Памятайце, што IP-адрас сам па сабе не паказвае на канкрэтнага карыстальніка. Нават калі роўтар для выхаду ў Інтэрнэт зарэгістраваны на вас, падключыцца пад вашым выдзеленым IP-адрасам мог хто заўгодна, калі нейкім чынам атрымаў пароль ад Wi-Fi. Не паддавайцеся пагрозам, маніпуляцыям і правакацыям з боку карнікаў. У карнікаў будзе толькі факт выхаду з вашага роўтара на той ці іншы сайт. Гэта значыць, калі ваш роўтар быў узламаны, зайсці на сайт мог хто заўгодна.

Матэрыял ад Кіберпартызан: https://www.by.cpartisans.org/post/kadrovyj-rezerv-belarusi-razbor-zaderzhanija 

Апошнія навіны