Дзяржслужбоўцы, што бралі ўдзел у рэпрэсіях, не застануцца на пасадах
Людзі, якія давалі загад фальсіфікаваць выбары ці звальняць палітычных апанентаў, не змогуць працягнуць працу ў сістэме дзяржаўнага кіравання Беларусі пасля пераменаў, перакананы намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Юры Губарэвіч. Каб сярод беларусаў было дастаткова спецыялістаў, якія змогуць замяніць лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, была створаная кампанія «Кадравы рэзерв для новай Беларусі».
Кампанія «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» заклікае беларусаў падумаць, ці хацелі б яны ў дэмакратычнай Беларусі працаваць у дзяржаўным кіраванні, займаць адміністрацыйныя выканаўчыя пасады. Тым, хто гатовы паспрабаваць сябе ў такой працы, Юрась Губарэвіч раіць прааналізаваць свае кампетэнцыі, працоўны досвед і, калі ёсць патрэба, падвысіць кваліфікацыю, у чым кампанія «Кадравы рэзерв» якраз і зможа дапамагчы. Разам з партнёрамі ініцыятыва прапаноўвае розныя магчымасці навучання.
«У нас ёсць уласны распрацаваны курс – 60 акадэмічных гадзінаў онлайн-навучання на тэмы, патрэбныя будучым дзяржслужбоўцам, – распавядае каардынатар праграмы. – Аднак гэтым мы не абмяжоўваемся, а шукаем таксама магчымасці індывідуальных праграмаў навучання для кожнага з удзельнікаў. Вялікую ўвагу надаём навучальным візітам у структуры дзяржаўнага кіравання краінаў ЕЗ. Гэта ўнікальная магчымасць – даведацца, як яны працуюць, завесці знаёмствы, што спатрэбяцца ў будучай Беларусі».
Таксама існуе магчымасць стажыравання ў краінах Еўразвязу.
«Беларусы, якія скарыстаюцца шанцам папрацаваць на пасадах хаця б стажора ці памочніка любога з еўрадэпутатаў ці дэпутатаў нацыянальнага парламенту любой з краінаў Еўразвязу, атрымаюць унікальны досвед», – мяркуе Юры Губарэвіч.