Skip to main content

Апазіцыя стварае кадравы рэзерв. Ці не могуць туды запісацца агенты?

Губарэвіч адзначае важнасць пошуку ініцыятыўных людзей, якія б хацелі прыйсці на дзяржаўныя пасады і быць часткай пераменаў:

«Калі ў Беларусі адбудуцца змены, будуць патрэбныя новыя людзі, якія не заплямлены ў тых злачынствах, якія зараз робіць беларускі рэжым, якія не звальнялі падначаленых за палітычныя погляды, не арганізоўвалі фальсіфікацый на выбарах. У некаторых сферах неабходна будзе татальная замена. І гэтых людзей патрэбна аднекуль браць і пажадана, каб яны былі падрыхтаваныя, разумелі, як працуе дзяржаўная сістэма, як прымаюцца рашэнні, як кіраваць калектывамі».

Юрый Губарэвіч лічыць цалкам магчымым, што свае заяўкі ім дасылаюць і агенты спецслужбаў. «На сёння мы маем больш за 650 чалавек у складзе ініцыятывы. І мы не выключаем, што сярод іх ёсць супрацоўнікі КДБ, якія адсочваюць, што мы робім. І мы ўжо атрымалі ад іх «высокую адзнаку», калі «Кадравы рэзерв» у маі гэтага года быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем».

У той жа час, як адзначае Губарэвіч, спецслужбы не маюць доступу да асабістых даных людзей. «Калі мы атрымліваем заяўкі, то аддзяляем асабістыя даныя ад асноўнага масіву, які ўтрымлівае звесткі пра адукацыю, досвед працы, чаканні чалавека (у якім месцы сістэмы дзяржкіравання ён сябе бачыць), і працуем толькі з асноўным масівам».

Па словах Юрыя Губарэвіча, на розных этапах розныя падыходы да праверкі кандыдатаў.

«Калі гэта анлайн-праграмы, то вялікай праверкі яны не патрабуюць. Калі ж мы праводзім афлайн-мерапрыемствы, дзе збіраюцца невялікія калектывы па 15-20 чалавек, рызыка дэананімізацыі ўзрастае. І мы просім кожнага адзначыць (калі яны даюць згоду на ўдзел у такіх праграмах), што яны разумеюць гэтыя рызыкі».

Губарэвіч адзначае, што арганізатары ініцыятывы імкнуцца рабіць усё магчымае, каб удзельнік ініцыятывы былі ў бяспецы. Але цалкам яе гарантаваць яны не могуць:

«Чалавек можа сам зрабіць неабачлівыя дзеянні. Мы раім выкарыстоўваць VPN, не падаваць заяўкі са сваёй персанальнай пошты. Такія патрабаванні кожны сам павінен адсочваць. Мы не можам гарантаваць, што ва ўдзельнікаў не знойдуць нейкую інфармацыю на персанальным камп'ютары. Асабліва ў Беларусі, дзе 30% удзельнікаў ініцыятывы».


https://nashaniva.com/332582

Мы используем cookies
Как и большинство веб-ресурсов, мы используем файлы cookie. Данные хранятся только у нас и никуда не передаются. Вы можете разрешить или запретить использование файлов cookie. Это не повлияет на функционал сайта.